Мілагучнасць беларускай мовы
Публікуецца паводле::
Уладзімір Дубоўка. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашай мовы. Часопіс «Узвышша», № 4, 14 ліпеня 1927 г., Масква.
Беларуская мова вызначаецца сваёй агульнаю мілагучнасцю. Мілагучнасць гэта дасягаецца пэўнымі спосабамі, на падставе пэўных законаў. Законы мілагучнасці мовы набываюць большае значэнне затым, што ў народнай паэзіі, у народнай мове яны з’явіліся не выпадкова. «Сучасныя нам самыя дробныя з’явы народнай паэзіі пабудаваны на аснове, якая складалася на працягу многіх тысячагоддзяў» (А. Патэбня, «Мысль и язык»). Сказанае прымушае нас да ўважлівага вывучэння гэтых з’яў, гэтых законаў і наступнага скарыстання іх у сваёй працы. На гэты раз спынюся на некаторых паасобных спосабах дасягнення мілагучнасці, на прыватных выпадках мілагучнасці нашай мовы.
Трэба адзначыць раней, што найбольш мілагучныя мовы свету (італьянская і ўкраінская) маюць тую асаблівасць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасць галосных і зычных (1:1). Гэта прапарцыянальнасць ва ўкраінскай мове часам парушаецца, але кампенсуецца і ураўнаважваецца асобнымі эўфанічнымі спосабамі (пераход «в» на «у» ў вядомых выпадках і г. д.).
Беларуская мова з большага набліжаецца паводле чаргавання галосных і зычных гукаў да згаданых моў (1:1,2; 1:1,3), але ўсё-ж поўнай раўнавагі не дасягае. На дапамогу прыходзяць асабліва музычныя гукі (падвойныя мяккія зычныя, а таксама д’з’; ц’; л’; н’ і г. д.), якія, спатыкаючыся ў вялікай колькасці, надзвычайна ўзбагачаюць гукавую кампазіцыю. На фоне гучання гэтых мяккіх цвёрдыя вылучаюцца ў якасці акампануючых, што ў агуле і дазваляе дасягнуць найвялікшай меладычнасці.
Але ў нашай мове, як і ў іншых, часта-густа спатыкаецца збег галосных збег зычных [1] гукаў, чым парушаецца мілагучнасць. Для ліквідавання гэтых выпадкаў з цягам часу выпрацаваўся шэраг спосабаў. Спосабы гэтыя, зарэгістраваныя даследчыкамі нашай мовы, падаюцца часам і ў практычныя падручнікі, але, з большага, без належнага тлумачэння або з тлумачэннямі недастатковымі.
Так, напрыклад, кажучы аб прыстаўных галосных «а», «і» перад словамі з пачатковай зычнай «р», «л» або «в», калі за імі ідуць іншыя зычныя, акадэмік Я. Ф. Карскі зазначае: «У наследаванне пералічаным выпадкам фанетычнага развіцця «і» перад вядомымі зычнымі гэты гук з’явіўся і перад іншымі групамі зычных, але ўжо ў якасці прыстаўнога гуку для ўхілення няўдобнага зачыну слова» (прыклады — істужка, ігруша, іскрыпка, граў на йскрыпцы),
Такім чынам ясна, што гук «і» ў згаданых выпадках з’яўляецца не выпадкова. Адгэтуль вывад, што і ў літаратурнай мове ён павінен ужывацца ў адпаведных месцах («для ўхілення няўдобнага зачыну слова»). Тым не менш, у практычнай граматыцы Я. Лёсіка спатыкаем наступнае: «Прыстаўное «і» можа з’явіцца і перад іншым збегам зычных на пачатку слова, напрыклад — істужка, іскрыпка, ігруша, ільецца, але гэта «і» не фанетычнае, і скарэй скажуць стужка, скрыпка, груша, льецца [4]. У літаратурнай мове ў такіх словах прыстаўное «і» не ўжываецца».
Можна было б налічыць вялікую колькасць выпадкаў, калі ў літаратурнай мове гэта «і» якраз ужываецца. Але не ў гэтым справа. Трэба раз назаўсёды ўстанавіць адно: прыстаўныя галосныя, прыдыханні, падвойныя формы некаторых склонавых канчаткаў (напрыклад, канчаткі прыметнікаў роднага склону, жаночага роду ў адзіночным ліку — «ае», «ай»…) з’яўляюцца ў народнай мове не выпадкова, а дзеля мэты ўхілення немілагучных гуказлучэнняў. Калі гэткае палажэнне будзе прынята, тады можна будзе вызначыць пэўныя правілы ўжывання тых ці іншых форм у літаратурнай мове.
На мой погляд, гэткае палажэнне спрэчак выклікаць не можа. Можа толькі паўстаць супярэчанне на падставе таго, што ўвядзенне новых правіл у наш правапіс ускладніць і ацяжарыць яго вывучэнне. У адказ можна сказаць тое, што дэталяванне і большая яснасць паслужаць на карысць, а не на шкоду.
Прыняўшы палажэнне, што прыстаўныя галосныя, прыдыханні ды іншыя формы з’яўляюцца для пазбаўлення збегу галосных ці зычных, мы зможам устанавіць такія практычныя правілы.
1. Прыназоўнік «у». Ужыванне гэтага прыназоўніку да гэтага часу не спаткала ўгрунтаваных супярэчанняў, і ён шырока выкарыстоўваецца ў нашай літаратурнай мове. Дрэнна толькі, што не заўсёды правільна ўжываецца ён у паэзіі. Чамусьці лічаць, што для паэзіі павінна быць нейкае выключэнне, што пасля слоў з адкрытым канчаткам можа стаяць «у» поўнае, а з закрытым і змякчаным «у» нескладовае. Погляд такі памылковы. Нашы літаратары павінны пільна прытрымлівацца агульнага правіла. Што-б сказалі рускія, каб іх паэты заместа «в» стаўлялі «у»? Гэткая з’ява разглядалася б як грубая памылка і няведанне мовы. Тым больш павінен асуджацца адыход ад правільнага ўжывання «у» ў нас, асабліва ва ўжыванні «ў» нескладовага пасля слоў з закрытым і змякчаным канчаткам, бо такі адыход шкодна адбіваецца на гукавым успрыманні ды на рытме.
2. Раўналежна паўстае пытанне і наконт слоў з пачаткам на «у», якія ідуць пасля слоў з адкрытым канчаткам. У такіх выпадках на практыцы ў нас аднолькавасці няма. На мой погляд, можна вызначыць такое практычнай правіла: калі пасля «у» на пачатку слова ідуць два (ці больш) зычныя гукі, павінна пакідацца на пісьме «у» складовае (адна установа, хмара ускрыла); калі пасля «у» на пачатку слова ідзе адзін зычны, — павінна ўжывацца «ў» нескладовай (павінна ўжывацца).
3. Некаторыя склонавыя канчаткі. Не растлумачанымі для ўжывання з’яўляюцца два выпадкі: канчаткі прыметнікаў роднага склону жаночага роду ў адзіночным ліку, а таксама назоўнікаў і прыметнікаў творнага склону жаночага роду ў адзіночным ліку. Нашы граматыкі зазначаюць, што можна ўжываць у першым выпадку канчаткі «ае» і «ай» («ое» — «ой», «яе» — «яй»), у другім выпадку — канчаткі «ою» — «ой» («аю» — «ай», «яю» — «яй»). Я. Лёсік далучае да гэтага такое тлумачэнне: «але ў беларускай мове звычайней поўныя формы, напрыклад — за дурною галавою нагам няма спакою».
Тым часам, абедзве формы павінны ўжывацца ў розных выпадках, і тут можна па аналогіі з папярэднімі вызначыць такое правіла.
Тады, калі за паказанымі формамі чарговай слова пачынаецца зычным гукам, трэба даваць поўныя канчаткі. Калі слова пачынаецца галосным — трэба даваць кароткія канчаткі. Напрыклад: Беларускае Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі; моцнаю рукой ахапіў стан; вялікай адлегласцю і да т. п.
4. Прыстаўныя гукі. У нашай мове ў якасці прыстаўных гукаў бываюць «а», «і» — больш за ўсё ў пачатковым складзе пры «р», «л», «в» і «м» у тых выпадках, «калі за імі ідуць зычныя, дзеля чаго з’яўляецца перашкода пры вымаўленні пачатковага складу» (аржышча, амшара, іржа, аўторак і г. д.). Па аналогіі з гэтым і «для ўхілення няўдобнага зачыну слова» прыстаўное «і» з’яўляецца і ў некаторых іншых злучэннях (істужка, ігрушка, іскрыпка ды інш.).
Што датычыцца прыстаўных галосных перад зычнымі першай катэгорыі («р», «л» і «в»), дык яны зліліся на цягу часу з асноваю і не выпадаюць ні пры якіх зменах слова. Адносна прыстаўных галосных перад іншымі зычнымі (і перад «м», калі за ім не ідуць зычныя шыпячыя, напрыклад «імшара») можна сказаць наступнае.
Калі папярэдняе слова мае адкрыты канчатак, прыстаўное «і» не ўжываецца, калі закрыты ці змякчаны — ужываецца (белая стужка; шмат істужак; вялікая груша; на вялікай ігрушы).
5. Прыдыханні. З гэтай катэгорыі не акрэсленымі з’яўляюцца два выпадкі.
-
Ужыванне «й» перад «і» (/йім/, /йікаўка/, /пайіла/, /кройіць/, /шыйі/ ды інш.). Гэткае гуказлучэнне вельмі пашырана ва ўкраінскай і нашай народнай мове. Украінцы ўвялі ў сваю азбуку адпаведную літару (ї) для перадачы гэтага гуказлучэння. Акадэмік Карскі кажа пра гэта прыдыханне (і пра некаторыя іншыя) так: «характар гэтага гуку ў гаворцы адукаваных асоб бадай не выразны, чаму на пісьме звычайна і не адзначаецца; але ў гутарцы простага народу ён выступай больш выразна…»
Нашаю мэтаю з’яўляецца не адлучэнне гаворкі «адукаваных асоб» ад гаворкі «простага (!!) народу», а ўстанаўленне найшчыльнейшай сувязі. Дзеля гэтага, па прыкладу ўкраінцаў, з’яўляецца конча патрэбным увядзенне ў нашу азбуку літары «ї» для перадачы вышэйзгаданага гуказлучэння. Новая літара не ацяжарыць азбуку, а дазволіць больш наблізіць літаратурную мову да жывой мовы працоўнага народу. Калі гэта цяжка будзе ў хуткім часе здзейсніць у агульна-беларускім маштабе, варта, каб часопіс «Узвышша» правёў гэтае пачынанне на сваіх старонках. -
Другім невыразным выпадкам з’яўляецца ўжыванне прыдыхання «в» перад націскным «о» ў пачатку слоў. Для ілюстравання прывяду поўны абзац з практычнай граматыкі Я. Лёсіка.
«Калі пачатковай націскное «о» з прыдыханнем «в» траціць свой націск, то і прыдыханне адпадае, напрыклад: вокны — акно, возера — азёры, восень — асенні, ворле — арол, вочы — ачэй, аччу і т. д. Часам прыдыханне з націскнога пачатковага «о» пераходзіць і на «а» таго самага слова, што мела прыдыханне, напрыклад: вочы — вачэй, вокны — ваконцы, возера — вазёры, востры — вастрыць, восень — васенні і інш., але ў такіх разах «в» не фанетычнае, і ў літаратурнай мове лепш яго не ўжываць…»
Такім чынам, у разглядзе аднаго выпадку, у практычнай граматыцы спатыкаем тры палажэнні: 1) з пераходам націску прыдыханне адпадае; 2) часам прыдыханне пераходзіць і на «а» таго самага слова; 3) але ў такіх разах у літаратурнай мове лепш яго не ўжываць.
Праўда, я не збіраюся вінаваціць Я. Лёсіка ў тым, што ён супярэчыць самому сабе, але не магу не заўважыць, што для практычнага карыстання тут нічога пачарпнуць нельга.
Сапраўды ж, каб прывесці ўжыванне прыдыхання «в» у стройную сістэму, гэта самае можна выказаць такім чынам.
Калі пачатковай націскное «о» з прыдыханнем «в» траціць свой націск, дык прыдыханне ўжываецца толькі ў тых выпадках, калі папярэдняе слова май адкрыты канчатак. Напрыклад: вялікія вазёры, на вялікіх азёрах; ночкаю васенняю, спраўляў асяніны і да г. п.
6. Збег галосных. У жывой народнай мове, а таксама і ў народных нашых песнях спатыкаюцца такія выпадкі, калі два аднолькавыя галосныя гукі (адзін на канцы папярэдняга слова і адзін на пачатку наступнага) зліваюцца ў адзін. Акадэмік Карскі, разглядаючы гэтую з’яву, адмаўляецца ад катэгарычнага вызначэння яе паходжання: «Цяжка сказаць, што фізіялагічна адбываецца: ці гэткі гук зліваецца з папярэднім у адзін, ці, што больш пэўна, зусім знікае… На карысць выпадання пэўней за ўсё гаворыць тое, што застаецца заўсёды папярэдні галосны» («Белорусы», т, II, в. I, ст.ст. 321-325.).
Гэту ж самую з’яву азначае і акадэмік Шахматаў: «Пры вядомых спрыяльных умовах, напрыклад, у становішчы пасля галоснай папярэдняга слова «а» гублялася; падобную страту мы адзначаем і зараз у шмат якіх украінскіх і беларускіх гаворках».
Абодва акадэмікі падаюць да сваіх заўваг шмат прыкладаў з народнай творчасці. Адсылаючы да гэтых прыкладаў тых чытачоў, якія зацікавяцца пытаннем, я падам толькі некалькі разнастайных прыкладаў з народнай мовы.
-
Мая збруя колічкаў ня ‘бломіць (=не абломіць).
-
Палётамі вароцячкі ‘тчынілі (=адчынілі).
-
А ў ‘довушкі, у ‘давіцы нораў не дзявічы (=удовушкі, удавіцы).
-
Н’ аддаеш мяне ўсё за злотнічка, (=не аддаеш)
Д’ аддаеш мяне ўсё за разбойнічка. (=да аддаеш)
З гэтых прыкладаў можна заўважыць наступнае: а) зліццё галосных гукаў адбываецца для пазбаўлення збегу галосных; б) утрата галосных здараецца не толькі ў пачатку чарговага слова, але і ў канцы папярэдняга (прыклад 4); пашыраецца гэта з’ява не толькі на збег двух «а» (прыклады 1 і 4), але і на збег двух «у» (прыклад 3) і на збег двух розных галосных: «і» ды «а» (прыклад 2). Ужо нават з гэтых нямногіх прыкладаў можна пераканацца, што мы маем справу не са з’яваю, якая завецца элізіяй (выпадзенне галоснага ў сярэдзіне ці ў канцы слова, калі чарговае слова пачынаецца тым самым ненаціскны галосным) і не са з’яваю, якая завецца сінерэзысам (сцягненне двух галосных у адзін склад). Супраць першай гаворыць прыклад другі, супраць другой гаворыць перапынак. Зважаючы на гэта, а таксама зважаючы на вышэйзгаданае сцверджанне акадэміка Карскага, я падаю для азначэння гэтай з’явы слова сутока. Сутока — месца, дзе зліваюцца дзве ракі, прычым часта-густа немагчыма адрозніць, якая з’яўляецца галоўнай, а якая прыточнай.
З’ява гэта, як зазначана вышэй, вельмі пашырана ў нашай народнай мове. У мове літаратурнай бадай зусім не ўжываецца. Тым часам ва ўкраінскай літаратурнай мове ўжываецца даволі часта.
Нашы паэты і пісьменнікі павінны зацікавіцца гэтаю з’яваю з мэтай ажыццяўлення яе і ў літаратурнай мове. Тым больш, што з’яўляецца яна не штучнаю, не абмежаванаю якім-небудзь раёнам, а пашырана на ўсім этнаграфічным абшары ў жывой народнай мове. Скарыстанне яе, як прыёму, на многа ўзмацніць мілагучнасць нашай мовы, а гэтым мы не можам лёгкаважыць, дбаючы не пра тымчасовае, а пра сталае, дбаючы пра безупыннае развіццё і крышталяванне як літаратурнай мовы, у спецыфічным значэнні гэтага слова, так і мовы агульнай.
Уладзімір Дубоўка (1900–1976) — беларускі паэт. У 20-я гады ў артыкулах «Пра нашу літаратурную мову», «Нататкі для сяброў» пісаў пра культуру мовы, адстойваў узбагачэнне літаратурнай мовы дыялектызмамі і наватворамі, некаторыя з іх укараніў у літаратурную мову («адлюстроўваць», «дойлід»).